ПАЛЕ́СКАЯ СЕДЛАВІ́НА, Пінская седлавіна,

буйная тэктанічная структура на ПдЗ Беларусі. Размяжоўвае Падляска-Брэсцкую ўпадзіну на З і Прыпяцкі прагін на У. На Пн і Пд сучляняецца з Беларускай антэклізай і Украінскім шчытом, раздзяляе іх больш зніжанай паверхняй фундамента. Мае слабавыразнае субмерыдыянальнае распасціранне. Даўж. седлавіны 150 км, шыр. да 135 км. Глыбіня залягання крышт. фундамента 300—500 м ніжэй узр. м. Усх. схіл больш стромкі, чым заходні. Фундамент ускладнены рэгіянальнымі разломамі паўн.-ўсх. кірунку Стаходска-Магілёўскім і Выжаўска-Мінскім. Яны перасечаны больш дробнымі парушэннямі — зрухамі пераважна субшыротнага і паўн.-зах. распасцірання. Платформавы чахол магутнасцю да 650 м складаюць сярэднерыфейскія, вендскія, мелавыя, палеаген-неагенавыя і антрапагенавыя адклады. Фарміраванне П.с. пачалося ў раннім палеазоі ў сувязі з развіццём Падляска-Брэсцкай упадзіны, усх. схіл акрэсліўся ў познім дэвоне, калі фарміраваўся Прыпяцкі прагін.

І.В.Клімовіч.

т. 11, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)